Аб 105-годдзі сучаснай беларускай дыпламатычнай службы
22.01.2024 г.22 студзеня 2024 г. сучаснай беларускай дыпламатычнай службе спаўняецца 105 гадоў.
Менавіта ў гэты дзень у 1919 годзе ў газеце «Звязда» была размешчана першая публічная аб'ява аб пачатку дзейнасці Камісарыята па замежных справах ССРБ («камісарыят па знешніх справах адкрыў сваю дзейнасць») і пазначана месца яго размяшчэння ў г.Мінску — вул. Койданаўская, 21 (сёння — вул. Рэвалюцыйная, 15).
Згодна з архіўнымі дакументамі, першым кіраўніком нешматлікай, усяго 12 чалавек, дыпламатычнай службы стаў член Часовага Рабоча-Сялянскага Савецкага Урада Беларускай Рэспублікі, камісар па замежных справах Усевалад Сцяпанавіч Фальскі.
Першая дыпламатычная місія маладой беларускай савецкай дзяржавы была адкрыта ў г.Маскве 24 сакавіка 1921 г. Паўнамоцнае прадстаўніцтва ССРБ у РСФСР уваходзіла ў склад дыпламатычнага корпуса, карысталася імунітэтамі і прывілеямі, падтрымлівала афіцыйныя кантакты з Народным камісарыятам замежных спраў РСФСР і дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі ў г.Маскве. Шэраг арыгінальных дакументаў таго перыяду сёння захоўваецца ў Цэнтры гісторыі МЗС Беларусі.
Дзеючыя і будучыя супрацоўнікі МЗС БССР унеслі свой пасільны ўклад у Перамогу над фашызмам. Сярод ветэранаў дыпламатычнай службы Беларусі – больш за 90 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.
Наступнымі важнымі гістарычнымі этапамі развіцця беларускай дыпламатыі сталі аднаўленне ў 1944 годзе Народнага камісарыята замежных спраў БССР а, потым, стварэнне ў 1946 годзе на яго аснове МЗС БССР.
У знак прызнання сусветнай супольнасцю ўкладу БССР у разгром гітлераўскай Германіі Беларуская ССР была прынята ў склад заснавальнікаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і падпісала ў 1945 годзе Статут ААН. Адкрыліся прадстаўніцтвы БССР пры ААН у г.Нью-Йорку, пры міжнародных арганізацыях у гг. Вене, Парыжы і Жэневе.
На гэты момант Рэспубліка Беларусь усталявала дыпламатычныя адносіны са 183 дзяржавамі свету. Наша краіна прадстаўлена за мяжой 70 дыпламатычнымі місіямі, а менавіта: 56 пасольствамі, 2 пастаяннымі прадстаўніцтвамі, 11 генеральнымі консульствамі і 1 консульствам.
За 105 гадоў, безумоўна, у свеце змянілася многае, але асноўныя задачы беларускай дыпламатычнай службы засталіся нязменнымі — абарона суверэнітэту і незалежнасці, адстойванне нацыянальных інтарэсаў і законных правоў дзяржавы, недапушчэнне яе дыскрымінацыі на міжнароднай арэне, забеспячэнне ўстойлівага знешнеэканамічнага развіцця і прасоўванне разам з аднадумцамі прынцыпаў справядлівага светапарадку.
Беларуская дыпламатычная служба вось ужо 105 гадоў на справе даказвае сваю прыхільнасць да прынцыпаў міру, стварэння і развіцця.